Адрас адміністрацыі: 246050, г. Гомель, вул. Білецкага, 10
Тэлефон прыёмнай: 8-(0232) 28-48-00

Трэці этап рэпетыцыйнага тэсціравання стартуе ў Беларусі 1 сакавіка

Трэці этап рэпетыцыйнага тэсціравання стартуе ў Беларусі 1 сакавіка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела маніторынгу і методык кантролю Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Алена Валасач.

Паводле слоў прадстаўніка РІКВ, трэці этап рэпетыцыйнага тэсціравання прадоўжыцца па 30 красавіка. На цяперашні момант у краіне працуюць 139 пунктаў правядзення. Рэгістрацыя ажыццяўляецца праз асабісты кабінет на сайце РІКВ, дзе ўдзельнікі вызначаюць прадмет, выбраць які яны могуць з 14, даступных для ЦЭ і ЦТ, рэгіён і пункт правядзення. "Па выніках РТ у канцы этапу прадастаўляецца тэматычнае кансультаванне для работы над памылкамі. Таксама ўдзельнікі атрымліваюць скан-копію бланка адказаў, каб убачыць свае памылкі і зразумець, які матэрыял трэба паўтарыць або давучыць", – растлумачыла Алена Валасач.

Трэці этап рэпетыцыйнага тэсціравання карыстаецца вялікай папулярнасцю, паколькі праводзіцца непасрэдна перад самімі іспытамі. "Тэсціраванне могуць здаваць не толькі адзінаццацікласнікі, але і навучэнцы 10-х і 9-х класаў. Каб пазбегнуць сітуацыі, калі месцаў не хапае, лепш рэгістравацца загадзя", – падкрэсліла супрацоўнік РІКВ.

Пункты тэсціравання самастойна вызначаюць графік правядзення ў рамках гэтых двух месяцаў. Як правіла, РТ праходзіць на базе ўніверсітэтаў ці каледжаў, у якіх ідзе свой вучэбны працэс. "Таму калі раптам месцаў на сайце не бачна, трэба звярнуцца ў пункт правядзення РТ і ўдакладніць, ці будуць адкрыты дадатковыя даты", – параіла Алена Валасач. Яна таксама дадала, што да сярэдзіны красавіка, як правіла, усе даты ўжо даступны і тыя, хто хацеў, паспяваюць зарэгістравацца.

У першым этапе РТ было напісана больш як 160 тыс. тэстаў. Другі этап яшчэ прадаўжаецца, але апрацавана ўжо больш як 100 тыс. бланкаў адказаў. "Вынікі размяшчаюцца ў асабістых кабінетах удзельнікаў, пасля статыстыка перадаецца на аналіз метадыстам па вучэбных прадметах, а затым публікуецца ў афіцыйных крыніцах", – адзначыла Алена Валасач.

БЕЛТА

Усе навіны