
Бакі абмеркавалі перспектывы развіцця гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязей, далейшае паглыбленне інтэграцыйных працэсаў і сумесныя праекты.
Як было падкрэслена, сустрэча павінна стаць імпульсам для актывізацыі міжрэгіянальнага дыялогу і кааперацыйнага супрацоўніцтва. Горад над Сожам у цэлым даволі ўпэўнена развівае адносіны з суб’ектамі Расійскай Федэрацыі, у мінулым годзе адзначаны адчувальны прырост тавараабароту. Гэтаму нямала спрыяе работа ва ўнікальным фармаце Саюзнай дзяржавы, а таксама пабрацімскія сувязі. З Гомелем сябруюць 22 расійскія гарады. У апошні час найбольш эфектыўна і ўзаемавыгадна развіваліся адносіны гамяльчан з партнёрамі з Бранскай, Ленінградскай, Маскоўскай, Смаленскай, Курскай, Мурманскай абласцей, Краснадарскага краю. Ёсць задумкі пашырыць кантакты з такімі гарадамі, як Уфа, Тула, Казань, Навасібірск, Екацерынбург, Уладзівасток.
Пры гэтым Уладзімір Прывалаў адзначыў, што сяброўскія, па-сапраўднаму цёплыя адносіны, якія склаліся паміж краінамі і гарадамі, абавязваюць не засяроджвацца толькі на гандлёва-эканамічным аспекце – актыўна развіваюцца і сацыяльныя, культурныя сувязі. Важны акцэнт на маладым пакаленні. Абвяшчэнне Гомеля маладзёжнай сталіцай Беларусі прадугледжвае нямала яркіх, запамінальных ініцыятыў, удзел у якіх прымуць і расіяне.
У сваю чаргу кіраўнік дэлегацыі, гандлёвы прадстаўнік Юрый Залатароў назваў сяброўства і партнёрства з гамяльчанамі дарогай з двухбаковым рухам. У адчуваль-ным выйгрышы заўсёды абодва бакі, няхай гэта будзе эканоміка або гуманітарная сфера. Ён адзначыў сур’ёзныя зрухі ў плане імпартазамяшчэння: шэраг гомельскіх прадпрыемстваў цесна ўзаемадзейнічае з партнёрамі з Расіі, выпускаючы канкурэнтаздольную высокатэхналагічную прадукцыю, якая ні ў чым не ўступае замежным аналагам.
Асаблівую ўвагу дэлегаты Гандлёвага прадстаўніцтва надалі станкабудаўнічым прадпрыемствам Гомеля – у гэтай сферы вытворчасці ў бліжэйшы час будзе рэалізаваны цэлы шэраг імпартазамяшчальных праектаў.
На чарзе, па словах Юрыя Залатарова, інвестыцыйнае супрацоўніцтва: інфраструктурныя і іншыя праекты, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця гамяльчан і гасцей горада. Некаторыя з гэтых ідэй ужо ў стадыі прапрацоўкі.




